Вывучэнне сінтаксісу простага сказа ў школе
Уводзіны
сінтаксіс урок сказ дыдактычны
Сінтаксіс - гэта раздзел навукі пра мову (раздзел граматыкі), які вывучае пабудову і значэнне сінтаксічных адзінак (словазлучэнні, сказы, звышфразавыя адзінствы, фрагменты, закончаныя тэксты), сінтаксічныя адносіны і сінтаксічныя сродкі [7].
Мова як сродак зносін паміж людзьмі ў грамадстве знаходзіць сваё матэрыяльнае выражэнне ў сказах. Толькі у сказах, дзякуючы камунікатыўнай мэце, актуалізуюцца, набываюць сэнсавую дакладнасць і выразнасць словы і іх формы. Таму сказу як мінімальнай функцыянальнай адзінцы надаецца выключнае значэнне ў школьным курсе беларускай мовы [17].
Мова захоўваецца ў памяці чалавека не ў выглядзе сказаў, якія кожны раз фарміруюцца ў канкрэтнай маўленчай сітуацыі, а ў выглядзе мадэлей, схем, якія ў працэсе напаўнення лексікай, інтанацыяй і жывой экспрэсіяй граматычна і лагічна аб’ядноўваюцца і ўтвараюць сказы рознай будовы. Такім чынам, з дапамогай сказаў думкі не толькі выражаюцца, але і фарміруюцца [20].
Сказ структуруецца згодна з законамі граматыкі беларускай мовы. У сучасным мовазнаўстве ён разглядаецца як структурная і функцынальна-камунікатыўная адзінка. Гэта самастойны сродак паведамлення, які адначасова можа выконваць пэўную ролю ў разгортванні цэласнай адзінкі маўленчых зносін - тэксту.
Будова сказа разглядаецца праз прызму маўленчай творчасці, асэнсоўваюцца яго ўнутраныя і знешнія рэсурсы, выяўляюцца механізмы, якія дазваляюць перадаць інфармацыю аптымальным спосабам [30].
Мэтай дадзенага даследвання з’яўляецца аналіз, абагульненне і сістэматызацыя дадзеных навукова-метадычнай літаратуры аб вывучэнні сінтаксісу простага сказа ў школе на ўроках беларускай мовы. Для гэтага вырашаліся наступныя задачы:
. Прааналізаваць тэарэтычныя асновы методыкі вывучэння сінтаксісу простага сказа;
. Выявіць прынцыпы методыкі вывучэння сінтаксісу простага сказа ў школе;
. Разгледзіць метады і прыёмы вывучэння сінтаксісу простага сказа ў школе;
. Прывесці стахастычную методыку вывучэння сінтаксісу простага сказа ў 8 класе (дыдактычны сцэнарый ўрока).
Аб’ект даследвання - працэс навучання беларускай мове.
Прадметам даследвання - асаблівасць вывучэння сінтаксісу простага сказа.
Падчас працы былі выкарыстаны наступныя метады даследвання:
– вывучэнне навукова-метадычнай літаратуры па дадзенай праблеме;
– аналіз і абагульненне матэрыялу, атрыманага ў выніку назіранняў,
вывучэння досведу настаўніка.
1. Тэарэтычныя асновы методыкі вывучэння сінтаксісу простага сказа
1.1 Змест навучання сінтаксісу простага сказа (аналіз праграм)
У сучасным мовазнаўстве асноўнымі сінтаксічнымі адзінкамі традыцыйна лічацца словазлучэнне і сказ.
Цэнтральнай адзінкай сінтаксісу выступае просты сказ з уласцівымі яму катэгарыяльнымі і сэнсава-інтанацыйнымі адзнакамі.
Прадметам вывучэння сінтаксісу з’яўляюцца словазлучэнне і сказ.
Мэты навучання сінтаксісу:
• адукацыйная: фарміраванне ведаў пра сінтаксічны лад мовы: словазлучэнне і сказ;
• практычная: фарміраванне сінтаксічных і пунктуацыйных уменняў;
• развіццёвая: развіццё граматычнага ладу маўлення, а менавіта ўзбагачэнне маўлення разнастайнымі па структуры сінтаксічнымі канструкцыямі і іх выкарыстанне ў працэсе маўленчай дзейнасці;
• выхаваўчая: выхаванне культры мовы: засваенне сінтаксічных і пунктуацыйных нормаў.
Змест навучання сінтаксісу ўключае:
) сінтаксічныя паняцці;
) сінтаксічныя ўменні (выдзяляць сінтаксічныя адзінкі і характарызваць іх);
) пунктуацыйныя веды і ўменні [2].
Асноўнымі паняццямі сінтаксісу з’яўляюцца: сінтаксема, сінтаксічная канструкцыя, cінтаксічныя адносіны, сінтаксічная сувязь, сродкі сінтаксічнай сувязі, сінтаксічнае значэнне, сінтаксічная функцыя, сінтаксічныя адзінкі
У адносінах да курса беларускай мовы ў агульнаадукацыйных установах сінтаксіс варта разглядаць як аснову, на базе якой асэнсоўваецца і засвойваецца камунікатыўны падыход у навучанні. Гэта аснова з’яўляецца перадумовай для інтэнсіўнага развіцця мыслення, вуснай і пісьмовай мовы вучняў, замацавання арфаграфічных навыкаў і пунктуацыйнай пісьменнасці на свядомай аснове [26].
Першы этап у вывучэнні простага сказа пачынаецца з пачатковых класаў. Дзеці вучацца выдзяляць са сказа сэнсава звязаныя пары слоў, распазнаваць галоўную пару слоў, ставіць пытанні ад галоўнага слова да залежнага, асэнсоўваюць сказ як форму выказвання думкі, элемент сістэмы набываюць першапачатковыя веды пра тэкст. Так «засваенне лексікі, фанетыкі, марфалогіі, а таксама арфаэпіі ажыццяўляецца пераважна на сінтаксічнай аснове», як адзначае Б.В. Пятровіч.
Другі этап - прапедэўтычны. Менавіта ў 5 класе у II чвэрці (раздзел «Сінтаксіс і пунктуацыя») ў сціслай форме ўводзіцца элементарны курс сінтаксісу, неабходны для далейшага паглыбленага яго вывучэння. Гэты этап заснаваны на фарміраванні паняццяў словазлучэнняў і сказа як асноўных сінтаксічных адзінак і кампанентаў тэксту, якія ў сукупнасці складаюць сінтаксічны лад мовы [13].
У праграме 5 класа разглядаюцца галоўныя і залежныя словы ў словазлучэнні для таго, каб пазнаёміць вучняў з функцыяй і будовай словазлучэння як сінтаксічнай адзінкі, растлумачыць неабходнасць і абгрунтаванасць выкарыстання словазлучэнняў у маўленні, сфарміраваць уяўленне пра спалучальныя магчымасці слоў розных часцін мовы.
Вывучаецца сказ як адзінка маўлення. У вучняў фарміруюцца уяўленні пра сказ як камунікатыўную і сінтаксічную адзінку мовы.
Разглядаецца падзел сказаў паводле мэты выказвання (апавядальныя, пытальныя і пабуджальныя) і паводле інтанацыі (клічныя, няклічныя).
Вучні 5 класа паўтараюць будову сказа, галоўныя члены сказа: дзейнік і выказнік.
Значнае месца у вывучэнні простага сказу мае вывучэнне даданых членаў сказа: дапаўнення, азначэння, акалічнасці. Вучні даведваюцца пра іх ролю ў складзе сказа і ўменне вызначаць якімі часцінамі мовы яны выражаны, пазнаюць пра графічнае абазначэнне, вучацца асэнсавана ўжываць іх ў простых развітых сказах ў вусным і пісьмовым маўленні, развіваць граматычны лад мовы вучняў.
Далей ідзе фарміраванне ў вучняў уяўленне пра будову простага неразвітага і развітага сказаў, пра іх ролю ў тэкстах пэўных тыпаў і жанраў маўлення.
Вучні вывучаюць сказы з аднароднымі членамі (без злучнікаў і са злучнікамі), сказы з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах, сказы са звароткамі і складаны сказ з двума галоўнымі членамі ў кожнай частцы, іх інтанаванне.
Завяршаецца раздзел вывучэннем простай мовы і дыялогу [14, 33].
Трэці этап - паглыбленне паняцця пра словазлучэнне, сказ ў час вывучэння лексікі, фразеалогіі, фанетыкі, арфаэпіі, графікі і арфаграфіі, марфалогіі.
Часткова сінтаксічныя веды засвойваюцца на ўроках марфалогіі, бо многія марфалагічныя катэгорыі адначасова выконваюць і сінтаксічныя функцыі. (сінтаксічная роля назоўнікаў і прыметнікаў, дзеясловаў і інш.).
Вывучэнне марфалогіі на сінтаксічнай аснове спрыяе рэалізацыі практычнай скіраванасці ў навучанні беларускай мовы - развіццю маўлення, увагі да семантыкі не толькі асобнага, ізаляванага слова, але ў кантэксце (у словазлучэнні, сказе) [6].
Аб'ём тэарэтычных звестак па сінтаксісе, прызначаны для вывучэння ў 6-7 класах, невялікі. На дадзеным этапе рэалізуецца задача развіцця маўлення вучняў, іх падрыхтоўкі да засваення сістэматычнага курса сінтаксісу і пунктуацыі.
Наступны этап - гэта паглыбленне вывучэнне простага сказа ў 8 класе. Аснова зместу школьнага курса сінтаксіса і пунктуацыі ў 8 класе складае сістэма сінтаксічных і пунктуацыйных паняццяў і правіл.
У 8 класе вывучаюцца раздзелы:
I. Сінтаксіс і пунктуацыя як самастойныя раздзелы навукі аб мове.
Сувязь пунктуацыі з сінтаксісам садзейнічае фарміраванню ў вучняў сістэмы сінтаксічных паняццяў ва ўзаемасувязі з паняццямі іншых узроўняў мовы і выпрацоўцы правільнага ўжывання разнастайных сінтаксічных канструкцый ва ўласным маўленні.
II. Просты сказ.
Двухсастаўныя сказы: будова, значэнне, ужыванне.
На гэты раздзел адводзіцца 20 гадзін, з іх 3 гадзіны на пісьмовыя работы.
Вывучаюцца:
· Сказ як асноўная камунікатыўная адзінка. Тыпы сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыйнага афармлення (апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя; клічныя і няклічныя сказы (паўтарэнне). Простыя і складаныя сказы. Развітыя і неразвітыя сказы [1].
Гэтыя тэмы дапамагаюць вучням узнавіць і актуалізаваць звесткі пра будову, значэнне і ролю сказа ў маўленні, тыпы сказаў паводле мэты выказвання. Выпрацоўваюцца ўменні вызначаць тып сказа па мэце і адносінах да зместу выказвання; аналізаваць сэнсавую структуру сказа, яго камунікатыўную устаноўку, перадаваць мэтавую ўстаноўку пры чытанні і маўленні, навыкі сінтаксічнага разбору простага сказа.
· Парадак слоў у сказе. Лагічны націск. Інтанаванне сказаў. Вучні даведваюцца пра сродкі выражэння мэты выказвання служаць парадак слоў і лагічны націск.
· Двухсастаўныя сказы. Дзейнік і выказнік, сэнсава-граматычныя адносіны паміж імі дапамагае вучням набыць першапачатковае ўяўленне аб парадыгме простых сказаў, іх будове і значэнні; паказаць на прыкладах, што ў сказе можа паведамляцца пра дзеянне асобы або прадмета, стан чалавека або прыроды, прыметы і якасці прадмета маўлення, а таксама даецца кваліфікацыя, характарыстыка прадмета маўлення, называецца дзеянне і яго прымета.
· Спосабы выражэння дзейніка;
· Спосабы выражэння выказніка (простага дзеяслоўнага, простага іменнага, састаўнога дзеяслоўнага і састаўнога іменнага) (знаёмства) садзейнічаюць фарміраванню ў вучняў паняцця пра лексічнае і граматычнае значэнні выказніка і на аснове адрознення спосабаў выражэння гэтых значэнняў, рыхтаваць да ўспрымання класіфікацыі тыпаў сказаў.
· Даданыя члены сказа: азначэнне, дапаўненне, акалічнасць, іх граматычнае значэнне, роля ў сказе;
· Азначэнне, яго граматычнае значэнне, роля ў сказе. Дапасаваныяі недапасаваныя азначэнні, спосабы іх выражэння;
· Прыдатак як разнавіднасць азначэння;
· Дапаўненне, спосабы яго выражэння, семантычнае значэнне, роля ў сказе;
· Акалічнасць, яе роля ў сказе, граматычнае значэнне, спосабы выражэння [21].
Аднасастаўныя сказы: будова, значэнне, ужыванне: адведзена 10 гадзін, з іх 2 гадзіны на пісьмовыя працы. Вывучаюцца:
· Аднасастаўныя сказы, іх віды. Пэўна-асабовыя сказы: будова, значэнне, ужыванне;
· Няпэўна-асабовыя сказы: будова, значэнне, ужыванне;
· Безасабовыя сказы: будовы, значэнне, ужыванне;
· Назыўныя сказы: будова, значэнне, ужыванне.
Завяршаецца раздзел падагульненнем і сістэматызацыяй вывучанага.
Няпоўныя сказы: будова, значэнне, ужыванне: адведзена 3 гадзіны.
Вывучаюцца:
· Няпоўны сказы. Асаблівасці іх будовы, ужыванне, інтанаванне.
· Працяжнік у няпоўным сказе.
III. Ускладнены сказ.
У гэтым раздзеле вывучаюцца сказы з аднароднымі членамі, іх будова, значэнне, ужыванне; сказы са звароткамі, пабочнымі словамі, устаўнымі канструкцыямі; словы-сказы, іх значэнне, ужывананне; сказы з адасобленымі членамі, іх будова, значэнне, ужыванне; сказы з параўнальнымі зваротамі.
Пяты этап пачынаецца з 9 класа, дзе ідзе сістэмнае вывучэнне складанага сказа, яго будовы, значэння і функцыянавання ў тэксце, сінтаксічных канструкцый з простай і ўскоснай мовай [32].
Апошні этап вывучэння сказа завяршаецца падагульненнем у 10-11 класах.
Пасля вывучэнне сінтаксісу, вучні павінны авалодаць ўменнямі:
• вылучаць (па засвоеных прыметах) словазлучэнні ў тэксце; выяўляць галоўнае слова, групаваць словазлучэнні паводле будовы і значэння; ствараць і разгортваць словазлучэнні з рознымі відамі сінтаксічнай сувязі; перакладаць сказы (тэксты) з адметнымі беларускімі словазлучэннямі; адрозніваць свабодныя словазлучэнні ад несвабодных;
• адрозніваць развітыя сказы ад неразвітых, вызначаць мэтазгоднасць ужывання іх у тэксце; знаходзіць галоўныя і даданыя члены сказа; характарызаваць найбольш пашыраныя спосабы выражэння дзейніка і выказніка, вызначаць простыя дзеяслоўныя, састаўныя дзеяслоўныя і састаўныя іменныя выказнікі; ставіць працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам; складаць двухсастаўныя развітыя сказы, аб’ядноўваць іх у тэксты пры дапамозе паслядоўнай і паралельнай сувязі; вызначаць у тэкстах сродкі эмацыянальна-экспрэсіўнай выразнасці;
• знаходзіць у тэкстах двухсастаўныя і аднасастаўныя сказы, адрозніваць аднасастаўныя сказы ад няпоўных; ствараць вусныя і пісьмовыя разважанні з ужываннем аднасастаўных сказаў розных відаў;
• знаходзіць у тэкстах няпоўныя сказы, вызначаць іх будову, мэтазгоднасць ужывання; адрозніваць няпоўныя сказы ад поўных аднасастаўных; карыстацца няпоўнымі сказамі ў маналагічным і дыялагічным маўленні; афармляць няпоўныя сказы на пісьме ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі;
• вызначаць сказы з аднароднымі членамі, звязанымі спалучальнымі, супраціўнымі і размеркавальнымі злучнікамі, у тым ліку сказы з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах, правільна афармляць іх на пісьме; выкарыстоўваць сказы з аднароднымі членамі пры стварэнні пісьмовых тэкстаў;
• знаходзіць у тэкстах сказы з адасобленымі членамі, карыстацца імі ў вусных і пісьмовых выказваннях, правільна інтанаваць і ставіць знакі прыпынку;
• вызначаць сказы з
параўнальнымі зваротамі, ужываць іх пры стварэнні вусных і пісьмовых
выказванняў, правільна інтанаваць і ставіць знакі прыпынку; адрозніваць
параўнальныя звароты ад аманімічных сінтаксічных канструкцый [25].
1.2 Прынцыпы вывучэння сінтаксісу
У адпаведнасці з заканамернасцямі засваення мовы, канцэпцыяй моўнай адукацыі, скіраванай на фарміраванне моўнай асобы вучня, і педагагічнай практыкай настаўнікаў-прафесіяналаў у лінгвадыдактыцы вызначыліся наступныя прынцыпы навучання сінтаксісу.
Структурна-семантычны прынцып патрабуе разглядаць сінтаксічную адзінку на ўзроўні будовы і семантыкі, якая ў ёй увасоблена.
В.У. Протчанка, разглядаючы асаблівасці функцыянальнага, структурнага і семантычнага аспектаў вывучэння сінтаксісу, падкрэслівае, што ў школе «сінтаксіс вывучаецца на аснове структурна-семантычнага падыходу, адметнай асаблівасцю якога з’яўляецца тое, што ў час аналізу моўных з’яў бярэцца пад увагу не адзін які-небудзь аспект, а шэраг аспектаў, найважнейшымі з якіх з'яўляюцца функцыя, будова і значэнне» [31].
Такое вывучэнне простага сказу павялічвае магчымасць вучняў разумець тэму урока больш дакладна, разглядаць яе з розных аспектаў, што спрыяе хутчэйшаму фарміраванню разуменнўя прадмета і веда вучняў.
Менавіта структурна-семантычны прынцып дапамагае ўтварыць сістэму вывучэння сінтаксісу, паказвае структуру тэмы, раскрывае змест сказаў і тэкстаў беларускай мовы.
У адносінах да структурна-семантычнага прынцыпу можна сказаць, што гэты прынцып стварае аснову для вывучэння простага сказу і не толькі, адкрывае значэнне складаных словаўтварэнняў, паказвае сэнсавыя адносіны паміж словамі ў сказе, вылучае ўмовы сапраўднасці выказвання ў тэксце, а таксама дапамагае разумець структуру сказа, адносіны членаў сказа [35].